ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),
узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.
т. 12, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)